Страницы

9. Паломніцтва гродзенцаў (2002 год)

9. ПАЛОМНІЦТВА ГРОДЗЕНЦАЎ (2002 год)


Да Сабору Беларускіх Святых належыць імя праведнага Іаана Гашкевіча, цудатворцы Кармянскага, кананізаванага 31 мая 1998 года. Мошчы святога айца Іаана былі аднойдзены ў ліпені 1991 года. Адбылося гэта наступным чынам.

Настаяцель Свята-Пакроўскай царквы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці айцец Сцяфан (Нешчарэт) рашыў паставіць крыж у суседняй з Кармой вёсцы Агародня, на тым месцы, дзе калісьці стаяла Свята-Мікалаеўская царква, у якой у свой час служыў святы праведны Іаан Гашкевіч і каля алтара якой бацюшка Іаан быў пахаваны.

Калі збіраліся паставіць крыж, то неспадзявана знайшлі труну з целам бацюшкі Іаана, а побач – астанкі яго сына, святара Міхаіла Гашкевіча. Цела айца Іаана было нятленным, а ад айца Міхаіла (хаця ён памёр амаль праз 20 гадоў пасля бацькі) засталіся толькі косткі. Іх машынаю перавезлі ў Карму (як калісьці і прадказваў праведны бацюшка Іаан) і пахавалі ў склепе каля алтара Свята-Пакроўскага храма.

Гэты храм мае цікавую гісторыю. Ён быў пабудаваны ў 1896 годзе на ахвяраванні мясцовых жыхароў і царскага ўрада пяцікупальным (цяпер храм мае толькі два купалы). У час Вялікай Айчыннай вайны ў памяшканні яго знаходзілася стайня, лазарэт, а затым немцы рашылі адкрыць лютаранскую царкву. Нейкім чынам там аказалася праваслаўная Уладзімірская ікона Божае Маці, і падчас службы яна ўпала на галаву лютаранскаму пастару, немцы сталі спешна шукаць праваслаўнага святара. Вось такім цудадзейным чынам Маці Божая заступілася за Свой храм. Уладзімірская ікона Божае Маці захоўваецца ў Свята-Пакроўскай царкве і цяпер.

Аб гэтым і многім іншым расказаў нам святар гэтай царквы іераманах Герман. Нам – гэта паломнікам ад прыхода храма “Сабора Усіх Беларускіх Святых”, што будуецца ў горадзе Гродне. Паездка наша была прызначана на вечар 19 ліпеня. Перад ад’ездам святар нашай царквы, айцец Віктар, благаславіў кожнага з нас. Заставалася толькі дачакацца аўтобуса – і з Богам у дарогу. Але нам было наканавана выпрабаванне. Па нейкіх прычынах аўтобус не прыйшоў. Нягледзячы ні на што, жаданне паехаць у Карму было дастаткова моцным, і на наступны дзень мы зноў сабраліся ля храма. Там нас ужо чакаў аўтобус.

Праехаўшы даволі вялікі шлях – ад заходняй мяжы Беларусі да ўсходняй – мы а шостай гадзіне раніцы пад’язжалі да Свята-Пакроўскай царквы – мэты нашага паломніцтва. Нехта нёс святому праведнаму Іаану Кармянскаму свае няшчасці і смутак, нехта – радасці, але кожны з надзеяй чакаў, што будзе пачуты святым і, дзякуючы малітвам нашага беларускага цудатворцы, Гасподзь пачуе нас.

Займалася раніца, сонечная, спякотная. На парозе Свята-Пакроўскага храма нас вельмі ветліва сустрэў настаяцель, архімандрыт Сцяфан. З хваляваннем уваходзілі мы ў адну з святынь зямлі беларускай, прыкладаліся да мошчаў святога праведнага Іаана Кармянскага, маліліся за літургіяй, на акафістах бацюшку Іаану і Божае Маці.

Было нялёгка стаяць у царкве, адчувалася наша стомленасць. Але калі напрыканцы службы святар са ззяючым тварам пакрапіў нас святой вадой, то ўсе радасна схамянуліся, усміхнуліся адзін аднаму і з лёгкім сэрцам пакінулі храм, папрасіўшы ў думках у светлага заступніка зямлі беларускай благаславення і выканання нашых малітваў.

Трэба адзначыць, што пры царкве нядаўна адкрыўся жаночы манастыр. У яго трапезнай нас смачна пакармілі.

Не хацелася так хутка ад’язджаць з гэтага святога месца, і паломнікі яшчэ і яшчэ раз прыкладваліся да мошчаў цудатворцы, просячы яго аховы і дапамогі.

Наперадзе ляжаў зваротны шлях, дастаткова “гарачы” (на вуліцы было вышэй за 30 градусаў). Далей быў Мінск, дзе нам хацелася пабываць у святой праведнай Сафіі Слуцкай, мошчы якой знаходзяцца ў кафедральным Свята-Духавым саборы. На службу мы ўжо не паспелі, але нам адчынілі храм, і ўсе змаглі прыкласціся да мошчаў святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай і да цудадзейнай Мінскай іконы Божае Маці.

Наша паездка набліжалася да канца. Яшчэ 3,5 гадзіны – і мы дома.

Калі настаў час развітвацца – трэба было бачыць, якой радасцю і чысцінёй свяціліся вочы людзей, якія светлыя пачуцці іх напаўнялі! Мы былі вельмі шчаслівымі, што з Божай дапамогай змаглі дакрануцца да мошчаў нашых святых заступнікаў – праведнага Іаана, Кармянскага цудатворцы, і праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай.

Не магу не выказаць слоў падзякі арганізатарам гэтай паездкі: настаяцелю храма “Сабора Усіх Беларускіх Святых” айцу Анатолію і святару храма айцу Віктару за пастаянны клопат, добразычлівыя адносіны і ўмелую арганізацыю паездкі.

Напрыканцы хочацца пажадаць усім чытачам газеты па магчымасці часцей ездзіць па святых месцах, таму што там атрымліваеш Божую благадаць, з якой усе беды пераносяцца лягчэй.

Прыхаджанка храма “Сабора Усіх Беларускіх Святых” (г. Гродна)

Анастасія ФЯДУЦІК.

(“Гродненские епархиальные ведомости”, № 8 (117), август 2002 года. С. – 8.)