Страницы

Вандроўка да святога Іаана Кармянскага (Паэма)

Ангеліна Дабравольская

ВАНДРОЎКА ДА СВЯТОГА ПРАВЕДНАГА ІААНА КАРМЯНСКАГА

1. Гомель

Па горадзе, родным стаўшым,
Спяшаю хадой таропкай —
Туды, дзе, ноч недаспаўшы,
Ішла з вінаграднай гронкай
На свята — Праабражэння! —
Па сонным яшчэ праспекце,
З маленнем — аб ачышчэнні,
З прашэннем — каб не памерці,
З літаннем — уратавання! —
Праз слёзы, праз боль, у скрусе…

I мне было — даравана…

I — на ўрачыстым абрусе —
На вінаград і яблык
Упалі жывыя каплі,
А ў сэрцы, болей не ззяблым,
Ужо рассычаўся камень,
I ў кожным яго асклепку,
Такім ледзяным і бязбожным —
Нібы люстравалася Неба,
Пяшчотна і асцярожна.

2. Дарога ў Кармý

Гэтым часам, калі
Прамінаюць палі і вёскі
(Ці на яве — ці ў сне?),
Успаміны мірскія стынуць
Я спяшаю к Табе,
Задыхаюсь, глынаю слёзы,
Я малюся Табе,
Дарагая наша Святыня.

Сустракаеш усіх
Светлым Храмам,
Як вочы, сінім,
Чыстым Крыжам
I ў студні —
Вадой жывою.
Як нідзе,
Тут да неба, да Бога
Бліжай.
Усё жыццёвае
Застаецца па-за Кармою.

Тут слабы карабель мой
Спыніўся,
І кінуў якар.
Ды не моцны ланцуг —
Зноўку хваля —
I ён парвецца…
Дай жа, Госпадзе,
Каб прайшлі без знаку
Усе буры і штормы,
У жыцці і ў сэрцы.

Ёсць прыстанкі
У хвалях быцця-акіяну.
Ратавальным агнём
На іх душы чыстыя свецяць.
…Святы праведны ойча наш Іаане,
Малі Госпада
Аб Яго непуцёвых дзецях.

3. У Храме

У Храм увайду і зацеплю свечачку,
Прад святымі мошчамі стану.
Дзякуй, ойча наш Іаане,
За Тваё вялікае сэрца.

За малітву тваю няспынную,
За любоў да людзей убогіх.
З іх нікога ў жыцці не пакінуў Ты
Словам добрым і дапамогаю.

Усе прароцтвы Твае здзяйсняліся,
Слова кожнае адбылося:
I Царыца Нябёс з’яўлялася,
I дыханне Яе засталося.

Дзякуй, бацюшка Іаане,
Што квітнее зямля Кармянская.
…Светлым раннем
у Пакроўскім храме
Ціха ліецца малітва манаская

4. Малітва

Госпадзе,
дай маліцца
за родных у гэтым свеце.
Зёлцы —
долу хіліцца,
Дрэву —
заломваць вецце.
Подыхам Твайго Духу,
Словам або маўчаннем
Кожным імгненнем, рухам —
Абарані ад адчаю,
Бедаў, нягодаў, спакусаў
Верных Табе
і грэшных —
Усіх,
хто на Беларусі ёсць —
і апошніх,
і першых.

…Чыстыя немаўляты
Спяць у жаночых улоннях.
Ірады — мама з татам.
Божа! Хто абароніць?
Тонкія ніці жыццяў
’Шчэ ў Тваёй далоні…

…Спеюць зернейкі ў жыце
На каласох зялёных.
Лісце —
спякотнаму сонцу,
Корань —
атрутнае глебе.
Сокі —
вадзе смяротнай…
«Дай нам штодзённага хлеба!..
Хопіць, маўляў, палохаць
Душы, парослыя цернем!..»

…Цень ад Крыжа Гасподняга
Зліўся з Чарнобыльскім ценем…

5. Дзецям Хрыстовым

…Палымнее душа
Чысцінёю, святлом і любоўю.
Ззяе так,
Што балюча, няможна глядзець.
А праз ззянне —
Сцякае жывою крывёю сваёю.
Толькі гэтым жыве,
Мае моцы любіць і цярпець.

Праз стагоддзі пакуты Хрыстовай
Яна ўкрыжавана,
След цвіка і кап’я
Ёй ніколі не спыніць балець.
Не стыгматы, не цела —
А сэрца праўдзівага рану —
Не загоіць
Ні час, ні каханне, ні смерць.

Божа,
Дай жа душы гэтай
У яве і ў сне быць з Табою,
Як ахвяру Сваю
На ахвярнік нябачны прыймі,
Улячы яе раны —
Чыстым Целам і Кроўю Тваёю.
На мытарствах
Зямных і нябёсных
Яе барані.

6. Агародня

Тут, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, спраўдзіўшы прадказанне св. прав. Іаана Кармянскага, у Свята-Нікольскі храм на Божую Літургію з’явілася Сама Найсвяцейшая Дзева Марыя з анёламі. Было гэта ў 30-я гады XX стагоддзя, амаль праз 20 год пасля смерці айца Іаана.
(3 «Жыція св. прав. Іаана Кармянскага»)

…Схілюся грэшнай галавою
I тварам упаду ў траву.
Дай, Госпадзе, мне быць з Табою —
Я ўсё тады перажыву.

Калі надыдзе час спакусы —
Дазволь мне сэрца ўтрымаць
I ад Цябе не адкаснуцца.
…Тут
ля Крыжа
стаяла Маці.

Бяздольным, з хвораю душою —
Усяе пакуты не знясці.
Але іскрынкаю жывою
Сам ацалі і асвяці.

7.

***


Абрыс галіны,
лінія святла —
Як словы,
невыказныя ў малітве —
Звязаныя паміж сабой не рытмам,
А чысцінёю,
што не знае зла.

***

Ах, вясёлка —
дзіўная дарога
кволай чалавечае душы:
Лёгка ўзносіш думкаю да Бога,
на прыступку райскага парогу.
Вось каб узысці — і не грашыць!..

8. Маці Божая, благаславі!
(Вяртанне)

Кожны дзень, нібы верш, —
нанóва
Адкрываю Святое Слова.
Сцвердзіць нам Яго ў жыцці —
Маці Божая, благаславі.

Хай усе клопаты і ўчынкі
Не затуляць, як аблачынкі,
Прамянёў Найсвяцейшай Любві —
Маці Божая, благаславі.

Цела — Хлеб, і вада — жывая
Душы грэшныя ажыўляюць.
Прычашчэння Святой Крыві —
Маці Божая, благаславі.

Ацалі нашы душы, Царыца,
Бо самім ад грахоў не пазбыцца.
Уладарка Нябёс і зямлі,
Маці Божая — благаславі!

1999–2001 гг., Гомель–Мінск–Гродна